ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1919 у Гомелі, на базе нацыяналізаваных у 1917 калекцый кн. І.І.Паскевіча, меў мастацкі профіль. З 1945 — гісторыка-краязнаўчы, з 1952 абл. краязнаўчы музей. Размешчаны ў палацы Румянцавых-Паскевічаў (арх. помнік 18—19 ст.). Мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 1013 м²), больш за 200 тыс. экспанатаў (1997). Аддзелы: прыроды, гісторыі, мастацтва. Экспануюцца карысныя выкапні, узоры расліннага і жывёльнага свету Гомельшчыны, матэрыялы з археал. раскопак краю, этнагр. калекцыі, старадрукі 16 — 19 ст. Значнае месца займаюць матэрыялы, прысвечаныя ўладальнікам Гомельскага маёнтка П.А., М.П. і С.П.Румянцавым, І.Ф.Паскевічу, а таксама рэв. руху ў краі канца 19 — пач. 20 ст., у т. л. Рудабельскай рэспубліцы і яе кіраўнікам. Вял. экспазіцыя прысвечана перыяду Вял. Айч. вайны, якая расказвае пра Гомеля абарону 1941, дзейнасць патрыят. і камсамольска-маладзёжнага падполляў, партыз. злучэнняў; экспануецца дыярама «Азарыцкія лагеры смерці» і інш. Праводзяцца маст. выстаўкі. Філіял — аддзел адкрытага захоўвання фондаў у в. Хальч Веткаўскага р-на.
М.М.Агай.
т. 5, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)